Фарбы паралельнага свету

Фарбы паралельнага свету

3 гадзіны 46 хвілін

Aўтар: Мікола Дзядок
Агучыў: Кірыл Малахоўскі
Выдавецтва: Беларуская турэмная літаратура
Мова: беларуская

«Фарбы паралельнага свету» – зборнік апавяданняў і эсэ журналіста, актывіста, палітвязня Міколы Дзядка, арыштаванага ў 2010 годзе і разам з сябрамі Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам, асуджанага 27.05.2011 па так званай «справе анархістаў» на 4,5 гады пазбаўлення волі. За 5 дзён да сканчэння тэрміну Мікола быў пакараны дадаткова паводле арт. 411 КК («парушэнне рэжыму адбыцця пакарання») яшчэ на 1 год. Выйшаў на волю ў ліку шасці беларускіх палітвязняў згодна з указам аб памілаванні ад 22.08.2015.

Мэту кнігі «Фарбы паралельнага свету», якая складаецца з 13 апавяданняў, сам аўтар абазначыў так: «Тры прычыны, чаму была напісана мая кніга: Першая прычына – дэрамантызаваць крымінальны свет, які вельмі рамантызаваны ў жыхароў постсавецкай супольнасці. Я хацеў паказаць, што турма не нясе ў сябе ніякай справядлівасці, нічога добрага, а толькі зло, гвалт ды прыцісканне слабейшага мацнейшым.

Другая прычына – жаданне дэсакралізаваць тыя метады, якімі карыстаецца ўлада для здушэння чалавека ў няволі і тым самым паказаць людзям, якія, спадзяюся, ніколі там не апынуцца, як можна супрацьстаяць гэтым метадам.

І трэцяя прычына – паказаць, што турма – гэта не нейкая адасобленая інстытуцыя, а звычайны інстытут у грамадстве, у якім існуюць тыя самыя практыкі, як і ў іншых інстытутах (школах, універсітэтах, войсках)».

У 2017 годзе Мікола Дзядок быў уганараваны прэміяй імя Францішка Аляхновіча за зборнік «Фарбы паралельнага свету»

Цяпер Мікола Дзядок ізноў палітвязень: 10 лістапада 2021 года яго асудзілі да 5 гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму.