Mercks Graz!

Mercks Graz!

2 гадзіны 41 хвіліна

Aўтар: Уладзіслаў Гарбацкі
Агучыў: Леапольд Несазнанскі
Выдавецтва: Скарына , audiobooks.by
Мова: беларуская

«Mercks Graz!» – настальгічная аповесьць пра каханьне ў час чумы, падарожжы ў часе і дух эўрапейскага места, натхнёная месяцамі, праведзенымі аўтарам падчас кавіднай ізаляцыі ў аўстрыйскім Грацы. Гэта – шчымлівая і эмацыйная гісторыя геройства і рамантычнай повязі капітана варты Якаба і шэравокага аптэкарчыка Маціяса. Любаваньне з Замкавай гары Грацам і сузор’ем старадаўніх бажніцаў нагадваюць галоўнаму герою пра далёкае, але ўсё гэтак жа моцнае каханьне.

У кнізе таксама сабраныя падарожныя абразкі – замалёўкі эўрапейскага места, у якіх аўтар зь цеплынёю і лёгкім гумарам распавядае пра сёньняшні Грац і яго жыхароў. Нататкі перадаюць свабодную і ў нечым ідылічную атмасфэру эўрапейскага места, дзе багацьце гістарычнай архітэктуры і прыгажосьць горнага ляндшафту спалучаюцца з сучасным дызайнам і касмапалітнай культурай. Ад кулінарных цікавостак да незнарок падслуханых у чарзе гаворак, ад моўных кур’ёзаў да мясцовых расьлінаў – аўтар перабірае, як пацеркі, свае ўражаньні, якія перамяжаюцца з думкамі пра ягоны ўлюбёны Віцебск – колішні горды эўрапейскі горад, як Грац, пазбаўлены ў апошнія стагодзьдзі свайго духу і адметнасьці.

Уся кніга – прызнаньне ў любові да Грацу, а таксама да Віцебску і віцебшчыны – адметная мовай, якой яна напісаная. Аўтар сьмела ўводзіць у літаратурны ўжытак родныя яму віцебскія гаворкі – словы зь дзяцінства, пачутыя ад ягоных бабуляў, атрымліваюць новае жыцьцё на бачынках кнігі. Атрымліваецца шматслойны эфект: гістарычная аповесьць пра Грац ХVII стаг., насельніцтва якога было сьцертае паляндрай, успрымаецца праз прызму беларускіх гаворак, амаль сьцертых расейскай каляніяльнай палітыкай.

Рэдактарка – Караліна Мацкевіч

Мастачка вокладкі – Ганна Кухта

Мастачка – Ева Дафі

Аўдыякніга была запісаная пры фінансавай падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google.

Папяровую ці электронную версію можна набыць у выдавецтвы Skaryna Press: https://www.skarynapress.com/knihi/mercks-graz