Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Сюжэтная лінія гэтай надзвычай глыбокай кнігі аб'ядноўвае мінулае і сучаснасць, любоў да людзей і глыбокую прывязанасць да сваёй краіны. Маладыя сучаснікі нечакана знаходзяць дзверы ў 1930-я гады, дзе яны не толькі атрымліваюць магчымасць пабачыць штодзённае жыццё звычайных людзей, але і сутыкаюцца з момантамі трагічнай смерці беларускіх інтэлігентаў. Кніга распавядае нам пра непазбежнасць часу і долі, і пра тое, што некаторыя падзеі немагчыма скасаваць нават коштам свайго жыцця. Нездарма, відаць, аўтар сама лічыць гэтую кнігу адной з самых цяжкіх і знясільваючых.
Крыніца: kamunikat.org
Агучка 1
Кніга «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» гэта вельмі ўдалы сінтаз «лёгкага чытва», кнігі для моладзі, фантастыкі, гістарычнага рамана і гуманістычнай літаратуры, якая ўздымае цяжкія, але патрэбныя для грамадства тэмы. Мне падаецца — гаворыць Кацярына Ваданосава, якая агучвае кнігі для Kamunikat.org - што аўтарка зрабіла ўнікальную рэч: яна знітавала балючую, пакутлівую для беларусаў тэму сталінскіх рэпрэсій з сучасным будзённым жыццём звычайных маладых людзей, зрабіла сюжэт настолькі дынамічным, захапляльным і блізкім чытачу, што, занураючыся ў яго, мы можам ператрываць увесь жах падзеяў 1930-х гадоў. Мы не страчваем цікавасць, не адштурхоўваемся ў жаху, не маючы сілаў прапускаць у свядомасць падзеі, якія чорнай плямай ляглі на нашай гісторыі. А таксама мы пазнаем у персанажах сябе і сваіх блізкіх. Калі я начытвала «Гульню», мне нават падавалася, што я ведаю людзей, якія сталі прататыпамі галоўных герояў. Вось Едрусь, з якім мы гралі на андэграўднай сцэне ў маленькіх клубах, вось Макс, з якім мы разам вучыліся на гістфаку... Гэтая блізкасць, роднаснасць з героямі спрыяе таму, што раман чытаецца на адным дыханні, і прымушае нас мацней адчуваць, спачуваць, думаць і верыць у тое, што мы — таксама частка гульні ў Альбарутэнію.
Агучка 2
Аўдыякніга была запісаная пры фінансавай падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google.