Віня Пых

Крыніца: knizhnyvoz.com

Віня Пых

5 гадзін 14 хвілін

Aўтар: Алан Мілн
Пераклаў: Віталь Воранаў
Агучылі: Андрэй Дробыш , Алег Гарбуз , Крысціна Дробыш , Андрэй Мілюхін
Выдавецтва: Кніжны Воз
Мова: беларуская

Дазвольце падзяліць з вамі цудоўную навіну! Яе мне прынёс той самы Дабрадушны Някемлівы Медзьвядок, пра якога вы, напэўна, калі-небудзь ды чулі. Імя ў гэтага Медзьвядка непаўторнае і трохі пухнатае, і гучыць яно Ўіні-Важны-Пу, а жыве Медзьвядок у пэўным далёкім ангельскім Лесе. Ўіні-Важны-Пу паведаміў мне з адказнасьцю, што дзеці ўсяго сьвету сябруюць з такімі самымі Медзьвядкамі, і тыя маюць вельмі падобныя імёны. Гэтак дзеткі з Гішпаніі сябруюць зь Вінны-Пухам, дзеткі са Швэцыі — з Нальле-Пухам, дзеткі з Латвіі — зь Віньнійс-Пуксам, дзеткі з Расеі — зь Віньні-Пухам, дзеткі з Польшчы — з Кубусем Пухаткам, a з Чэхіі — з Мэдвідкам Пу… Уххх! Больш не магу пералічваць, бо атрымаецца таўшчэзная кніжка! Але ж вы здагадваецеся, што ў кожнай краіне дзеткі могуць ня толькі прытульваць і любіць свайго Медзьвядка, але і выпраўляцца зь ім на розныя надзвычайныя прыгоды. Бяда толькі, што беларускі Медзьвядок, якога клічуць Віня-Пых, загубіўся ці то ў Налібоцкай пушчы, ці то ў белавескім гушчары, а можа, і між Браслаўскіх азёраў. І — ані слыху, ані дыху. Усе астатнія Медзьвядкі пачалі ўжо хвалявацца за свайго беларускага сябрука. İ вось нарэшце мы з радасьцю даведаліся, што беларускі Медзьвядок знайшоўся!

Так здарылася, што аднойчы такі нам дарагі Віня-Пых пачаў хіліцца да зімовай сьпячкі, сапраўды заснуў і спаў, і спаў, і спаў, ажно праспаў некалькі зім запар, чым усіх нас надзвычай перапалохаў. Мы яго і трэсьлі, і шчыкалі — дарэмна!

Цяпер, аднак, прашу вас, шаноўныя, супакоіцца, падсунуць вушаняты, і я адкрыю вам таямніцу: Пых абяцаўся ўжо ніколі не зьнікаць на доўгі час, і нават калі пойдзе на сяло да аднаго са сваіх сардэчных прыяцеляў ці калі захоча наведаць нейкія беларускія нерушы, якіх у нас мноства паўсюль, напэўна, ён загадзя аб гэтым паведаміць і дакладна скажа, калі вернецца. І яму добра, і нам спакой!

Крыніца: lohvinau.by