Актрыса, Свабодны Купалавец і ўдзельніца праекта Кніжны Воз.
Нарадзілася яна ў Менску 22 верасня 1990 года. Яшчэ падчас школы ў галаве пасялілася шалёная думка «хачу быць актрысай», і Крысціна паступіла ў Беларускую Акадэмію Мастацтваў, тэатральны факультэт на спецыяльнасць «акцёрскае майстэрства». Хацела працаваць менавіта ў Купалаўскім, і яшчэ не атрымаўшы дыплом, была прынятая ў трупу тэатра.
Жыццё каля мікрафона пачалося для Крысціны выпадкова. З пытання «Ты дзяцей агучваеш?». Яна адказала, што не ведае, ніколі не спрабавала. Паехала паспрабаваць і атрымала галоўную ролю на агучку мульціка. А далей ужо само панеслася. Першую агучаную кнігу Крысціна памятае добра - гэта «Мышка Пік-Пік», з гэтай кнігі і пачалося прыкладанне «Кніжны воз». «Гэта была сітуацыя »вочы баяцца, а рукі робяць«. Я люблю кідаць сабе выклікі. І гэта быў выклік. І, здаецца, я дала рады.» успамінае яна.
У будучым Крысціна плануе працягваць працаваць у студыі. Але працаваць не толькі «голасам», але і рэдактарам, і рэжысёрам: «Я разумею, што столькі ўсяго забытага, неагучанага, згубленага, што працы нам хопіць на стварэнне беларускамоўнай аўдыёбібліятэкі на доўгія гады наперад. Гэта нешта большае, чым кнігі, гэта тое, што я магу пакінуць пасля сябе.»